Чытанка на лета. 12 лепшых дзіцячых кніг, адзначаных Прэміяй Цёткі

Опубликовано:

Думаеце, куды накіраваць бурлівую дзіцячую энэргію падчас летніх вакацый? Здаецца, адзін з найлепшых варыянтаў – гэта добрая кніга. Для аматараў якаснага чытання Ребенок. BY падрыхтаваў агляд лепшых кніжных навінак для дзяцей і падлеткаў, адзначаных літаратурнай Прэміяй Цёткі . Лавіце вартыя варыянты на любы густ і для любога настрою. Невялічкія вершыкі і вялікі раман, гістарычная тэматыка і казачны свет, пазнаваўчы змест і забаўныя прыгоды. Вочы разбягаюцца…

Фіналісты літаратурнага спіса

“Айчына: маляўнічая гісторыя. Частка 1. Ад Рагнеды да Касцюшкі”

Аўтар: Уладзімір Арлоў

Мастак: Павел Татарнікаў

Прыкладны кошт: 49.00 р.

“Айчына” перамагла адразу ў дзвюх намінацыях Прэміі Цёткі – стала Найлепшай беларускай кнігай для дзяцей і падлеткаў і была адзначана за Найлепшае мастацкае афармленне.

Раім не праходзіць міма такога шыкоўнага кніжнага скарбу, нават нягледзячы на даволі немаленькі кошт: кніга будзе цікава ўсім пакаленням і стане ўпрыгожваннем любой сямейнай бібліятэкі.

Гістарычныя цікавосткі, што ахопліваюць час ад старажытнасці да ХVІІІ стагоддзя, распавядаюцца Уладзімірам Арловым не ў звыклай форме падручніка па гісторыі, а ў форме сакавітых гістарычных замалёвак з дыялагічным прысмакам. Адсюль – і займальнасць, лёгкасць, прастата, інтэрактыўнасць зместу, які без усялякіх перашкодаў успрымаецца і адкладваецца ў памяці.

Кнігу прыемна і палезна не толькі чытаць, але і проста глядзець. Дзякуючы таленту мастака Паўла Татарнікава чытачы пазнаёмяцца з былым выглядам нашых гарадоў, паўдзельнічаюць у знакамітых бітвах, убачаць, як выглядалі беларусы ў мінулым. Кожны малюнак дапаўняецца падрабязным тэкставым апісаннем, таму ад вас не ўтояцца нават самыя маленькія дэталі.

Кніга не толькі пазнаёміць з гісторыяй Беларусі, але і дапаможа скласці ідэальны турыстычны маршрут па родным краі, што падчас летніх вакацый, увогуле, актуальна як ніколі.