Ёсць выкладчыкі - спецы, навічкі, выпадкоўцы - і ёсць Настаўнікі
Опубликовано:
Сення хіба што мёртвы не гаворыць пра заняпад настаўніцкай прафесіі, але неймаверна шчаслівы той, каму па жыцці выпала на долю сустрэцца з чалавекам, якога можна назваць Настаўнікам. Ёсць нешта інтымнае, святое ў гэтым слове (як у словах сям’я, дзеці, радзіма), таму ўжываць яго варта вельмі асцярожна, каб не парушыць той празрыста-ўяўнай, не кожнаму бачнай, трапяткой повязі Настаўніка і Вучня
.jpg)
З людзьмі, якія воляй лёсу ці абставін змушаны дзяліцца з намі набытымі ведамі, мы сустракаемся часта
**Гэта выкладчыкі. Яны розныя. **“Спецы” і “навічкі” , добрыя і злыя, спагадлівыя і нецярплівыя да дзіцячай сарамлівасці ці непаразумення. Адны адчуваюць сябе пакліканымі, разумеюць важнасць ускладзенай на іх місіі. Іншыя – выпадкоўцы, якія з нецярпеннем чакаюць, калі ж закончацца два гады размеркавання ці праз усё жыццё наракаюць на нешчаслівы лёс.
“Хіміцу”, “матэматычку”, “гістарыцу” мы з аднакласнікамі год ад года ўспамінаем, сустракаючыся ў верасні на “вучнёўскую” каву. З усмешкай згадваем, як паважна ставіліся да выкладчыцы біялогіі Людмілы Сямёнаўны, заслужанага педагога Рэспубілікі Беларусь, за вочы называючы яе не “біалагіцай”, а “біялагіняй”. Згадваем асобы, некалі страшныя і ўсемагутныя, з поспехам забыўшыся амаль на ўсё, што яны з такім імпэтам імкнуліся нам давесці.
Зусім іншае Настаўнік
Яго роля не абмяжоўваецца заданнем перадаць найбольш поўны аб’ём ведаў за найкарацейшы час. З Настаўнікам можна абмяркоўваць не толькі пытанні беларускай мовы ці літаратуры, да яго можна прыйсці са сваімі радасцямі і праблемамі, з непарушнай ўпэўненасцю, што вось Ён абавязкова зразумее…
На маім шляху была другая мама – Лілія Анатольеўна, да якой сямігадовай дзяўчынкай прыбягала пад стол, каб маці не забрала дадому.
Конкурсы и проекты “Я на радуге сижу”. Конкурс эскизов детского рисунка
СуперМама Тот самый вкус. 5 лакомств из детства
СуперМама “Наверное, я повзрослела: у взрослых не бывает разбитых коленей”
Была Ала Грыгор’еўна, з якой разам “пасвячаліся” ў гімназісты, дарылі падарункі кожнаму на дзень нараджэння ад нас, ад 5 “Г.” І быў зімовы Траецкі ЗАГС, дзе “шчанюкі” 5 “Г” віншавалі свайго любага класнага кіраўніка з Днём шлюбу.
У 5 класе мы праводзілі ў дэкрэт нашу першую выкладчыцу па роднай мове і літаратуры. Час згубіў яе імя, але ейнае прывітанне “Добры дзень, шаноўныя спадары і спадарыні” да нас, малых, зусім нязначных вучняў, здзівіла так, што на ўрок беларускай мовы мы ляцелі, як на крылах. Як прыемна было пачуць: “Спадарыня Людміла, раскажыце нам, калі ласка, якое было дамашняе заданне?”! І ты, заліўшыся барвай ( я – і спадарыня!), падымаешся з-за парты.
Пазней у маё жыццё прыйшла Любоў Уладзіміраўна, з якой разам “ляцелі да зор” рэспубліканскіх алімпіяд і падалі долу. У той час цытаты з класікаў займалі выключнае месца на маім люстэрку, тым не менш выступленне звычайна было бясколерным і штучным. Але гэты досвед прывеў мяне на факультэт, дзе я ўжо вучылася ў тых, хто калісьці слухаў мае бясколерныя выступы.
У сценах alma mater роднае мовы я мела магчымасць з іншага боку паглядзець на выкладчыка
І сярод іх былі Настаўнікі. Хай не мне адрасавалі яны свае веды (не прадметныя, але жыццёвыя), ужо адно іх знаходжанне ў аўдыторыі ператваралася ў пазнавальнае і спатольнае падарожжа.
Гульня “Філалогія і я” , “Лісты з-пад коўдры” Галубовіча, імёны Гумбальта, Выгоцкга і інш.– гэта дасюль пласты маёй свядомасці (хай і пакрытыя пылам двух дэкрэтаў), якія неяк незаўважна сфарміраваліся пад уплывам выкладчыкаў факультэта.
**Гэтыя людзі не толькі сталі выкладчыкамі, навукоўцамі, яны здолелі стаць Настаўнікамі. Ці, можа, імі нарадзіліся. **
Сярод іх мая любая і шаноўная Галіна Кузьмінічна - той чалавек, які не толькі даў веды, але і пазнаеміў са светам беларускай навукі. Пачуваеш сябе сапраўдным першадкрывальнікам і супернавукоўцам, калі гартаеш рукапісныя фаліянты трохсотгадовага ўзросту. І хаця зараз я больш мама, чым даследчык, я вельмі радая, што гэты перыяд уласнага станаўлення быў у маім жыцці. І здарыўся ен дзякуючы шаноўнай ГК - больш, чым проста выкладчыцы гісторыі беларускай мовы, з якой разбіраеш склад слова і канвергенна-дывергентныя працэсы старабеларускай пісьменнасці.
Бо з Настаўнікам Вучань не толькі расстаўляе знакі прыпынку ў сказе
Але й разам яны спрабуюць па палічках раскласці адказы на адвечныя пытанні. Настаўнік вучыць (ці можна ўвогуле чаму-небудзь навучыць?), не, уласным жыццём паказвае, як можна пачувацца ў свеце, як можна вырашаць на першы погляд невырашальныя сітуацыі, і часта дае яшчэ адзін адказ на адвечнае пытанне “Для чаго гэта ўсё?”.
Разам з тым Настаўнік бярэ на сябе цяжар адказнасці за дзіця, бо, змяняючы ягоныя думкі, ён змяняе ягоны лёс. Калі ўваходзіш у клас, дзе табе давядзецца вучыць ( навучаць? Мучыць? Развіваць? Разнімаць? Выхоўваць?) дзяцей (хай сабе гэта толькі каліва тыдняў педпрактыкі) ці спрабуеш адказаць сваей дачцэ на пытанне “ Почему я должна “пасылаць па доктара”, “есці клубніцы”, “мы[с’]ліць і не хіляцца?”, узгадваеш Настаўніка.
Ён працягвае жыць, нават калі яго няма побач
І часта адбываецца так, што аднойчы ты з гонарам і смуткам заўважаеш, што ўжываеш ягоныя любімыя словы, ягоныя “штучкі”: “то бок”, “не ведаеш – у цябе ёсць слоўнік” , “шчыры тлусты дзякуй”, “можаш не адказаць, але ведай, дзе шукаць”, “ вучыцеся любіць, дараваць і прасіць прабачэння”, “scio me nihil scire”.
Можна зацікавіць, спрычыніцца да нараджэння ў Вучня жадання вучыцца, спасцігаць, пазнаваць і таму пастаянна развівацца, толькі калі сам жывеш тым, што выкладаеш. І толькі тады магчыма нараджэнне Вучня - таго, хто мае жаданне і шукае магчымасцяў спасцігаць свет самастойна. І аднолькава важна, будзе гэта 2х2-4=? ці канвергентна-дывергентныя моўныя сувязі…
З павагай да ўсіх, хто абраў шлях Настаўніка, Людміла Навіцкая