Усходнеславянскі трылінгвізм, альбо Як беларускамоўны хлопчык па-руску і па-ўкраінску гаворыць

Рeбёнок BY працягвае цыкл інтэрв’ю з бацькамі, якія выхоўваюць дзяцей у атмасферы білінгвізму. Але гэтым разам мы сустрэліся з мамай Захара Наталляй Барысенка-Клепач, якая разам з мужам Любамірам гадуе дзіця ў трохмоўі: матчына мова – беларуская, татава – украінская, а родныя па кудзелі і сябры размаўляюць па-руску.

Як арыентуецца ў мовах амаль трохгадовы Захарка, распавяла нам мама Наталля

 

Источник фото: архив героини

 

 Наталля, напачатку раскажыце, калі ласка, класічную гісторыю ў жанры “Як я стала беларускамоўнай?”

— У мяне бабуля была беларускамоўнай да 14 гадоў, пакуль жыла на вёсцы. А вось калі прыехала ўладкоўвацца ў Мінск, з яе выбілі мову так, што яна цяпер кажа: “А што, ёсць такое слова ў беларускай мове?” А я дайшла да гэтага паэтапна.

У мяне яшчэ перад школай з’явілася цікавасць да мовы, мне падабаліся беларускія словы.

Пайшла вучыцца ў беларускамоўную гімназію №7 і першыя 4 класы я вучылася па-беларуску. А потым зверху вырашылі, што нам не трэба мова, і школа стала рускамоўнай.


Але ў нас была выдатная настаўніца, якая і натхніла да беларускамоўнасці. З яе падачы я стала багата чытаць, цікавіцца гісторыяй. А загутарыла па-беларуску ў 18, калі дарасла да свядомых учынкаў. Разам з каханым мы дамовіліся, што з заўтрашняга дня пераходзім на мову – нас хапіла на паўтара гады.


У той час у нас зьявілася беларускамоўная суполка, а потым усе разбегліся – не стала з кім камунікаваць, і я на пэўны перыяд здалася.

 А беларуская мова не паўплывала на выбар прафесіі?

– Не, я не пайшла на беларускую філалогію, я пайшла на турызм. Першапачаткова я думала пра тое, каб прасоўваць нашу спадчыну.

Але цяпер займаюся інклюзіўным турызмам – камфортным і даступным для людзей з інваліднасцю, бацькоў з вазочкамі, пажылых людзей.

– Але ж вы зноў вярнуліся да мовы? Як гэта адбылося?

– Зноўку я загутарыла па-беларуску, калі выйшла замуж. Бо муж мой класічны ўкраінец з-пад Львова, дзе размаўляць па-ўкраінску – гэта нармальна. З ім мой пераход на беларускую мову стаў натуральным крокам

Источник фото: архив героини

 

– А як вы пазнаёміліся?

– Пазнаёміліся мы на канферэнцыі ў Польшчы, прысвечанай развіццю сельскіх тэрыторый, у тым ліку праз турызм. А пажаніліся толькі праз пяць гадоў пасля знаёмства, бо напачатку здавалася, што гэта ўсё несур’ёзна, надта далёка.

А потым ён да мяне ў госці прыехаў, я да яго ў госці з’ездзіла, і патрошкі ён вырашыў да мяне перабрацца, бо яго там на той момант нічога не трымала – ні сям’я, ні праца.

Было гэта яшчэ да ўкраінскіх падзеяў. І паколькі ён свядома ставіцца да мовы і культуры, мы ў сям’і захавалі беларуска-ўкраінскае двухмоўе.

 Ці няма ў вас беларуска-ўкраінскай трасянкі?

– Няма. Толькі калі нешта жартаўлівае сам свядома ўставіш. 


А з разуменнем ніякіх праблем няма. Я не гутару па-украінску, але разумею ўсё. І ён не гутарыць па-беларуску, але разумее і чытае казкі сыну.


Але размаўляць трэба вучыцца, бо нават вымаўленне, здаецца, падобнае, але дужа складанае.

– Раскажыце, а як вы выбіралі імя сыну?

– Для нас было важна, каб імя дзіцяці гучала аднолькава на трох мовах. Каб не было блытаніны, як з Мікітам-Нікітам. Таму мы назвалі яго Захарам.

Источник фото: архив героини

 

– Калі нарадзіўся Захар, ці паўстала пытанне, на якой мове яго выхоўваць?

– Спачатку мы баяліся, як гэта будзе Захар расці ў такім блізкароднасным трохмоўі. Але іншага фармату мы не бачылі.

Я не магла перайсці на ўкраінскую, муж – на беларускую. Варыянт рускай мы нават не разглядалі.

Тым больш шматлікія спецыялісты пішуць, што дзеткі даволі добра з ранняга ўзросту пачынаюць размяжоўваць мовы, таму мы паспадзяваліся на гэта. І Захар пачаў даволі рана размаўляць па-беларуску, бо побач заўжды была я, а тата і бабулі з дзядулямі праводзілі з ім значна менш часу.

 А як вы цяпер захоўваеце баланс моваў? Напрыклад, якую літару ведае Захар: І і,Ї ї ці И и?

Напэўна, ён ужо ўсе ведае, хоць з украінскай крыху цяжэй. Але, па сутнасці, мы падбіралі ўсе развівальныя матэрялы па-беларуску. Яна ў нас нумар адзін. Муж зусім не супраць, бо мы жывем тут, Захар – беларус.


І мы вырашылі, што пакуль не варта забіваць дзіцяці галаву трыма версіямі алфавіту, і зрабілі кубікі з беларускімі літарамі і вучылі іх. Але ў нас ёсць бабулі і дзядулі, якія займаюцца з Захарам па рускіх кніжках з рускім алфавітам, таму сын ужо зразумеў, што гэта розныя мовы. Прынамсі, са мной ён па-беларуску размаўляе, у бабуль больш устаўляе рускіх словаў, а нядаўна з татам пачаў устаўляць украінскія словы.


Дома ў нас няма рускамоўных кніг, мы набываем толькі беларускую і ўкраінскую літаратуру. Бабулям мы нічога не забаранялі, але каб не ў нас.

 

Источник фото: архив героини

– А як вы плануеце знаёміць Захара з сусветнай літаратурай для дзяцей? Тая ж Джулія Дональдсан – яна прайшла міма вас, раз няма беларускіх перакладаў?

– Я паляўнічы, хаджу па ўсіх крамах, набываю ўсё цікавае з таго, што ёсць па-беларуску. Нават замнога, навыраст. Бо ён яшчэ малы, яшчэ не ўспрымае кнігі, дзе багата сюжэтаў.

Але я скупіла мумітроляў, як пабачыла, бо потым іх можна і не знайсці.

Пазней, напэўна, мы здымем абмежаванне на літаратуру, якой фізічна няма па-беларуску, таму што тут паўсюль усё па-руску.

Але ёсць шмат якаснай літаратуры для дзяцей па-ўкраінску – мы так пакуль вырашаем гэтае пытанне.

 Пры выбары імпрэзаў, цацак, гульняў, кніг ці робіце вы зніжку на беларускасць?

– Калі б трэба было выбраць паміж добрай кніжкай па руску і горшай, але па беларуску, я б, напэўна, абрала першы варыянт, бо я за якасныя рэчы, нават калі яны па-руску.

Бо ёсць таленавітыя кнігі і спектаклі, якія ніколі ніхто не перакладзе на беларускую мову. Але вось, напрыклад, нядаўна ішло кіно пра медзведзяня Падынгтына па-беларуску. Мы пайшлі і былі ў захапленні.

Источник фото: архив героини

 

 А што наконт мультфільмаў?

– Зноў жа амаль няма беларускіх. Таму мы глядзім мульцікі пра барашка Шона – ён наогул без тэксту. Захар яго вельмі любіць, але ведае, што за дзень можна паглядзець не больш за тры маленькія мульцікі.

Цяпер я пазнаходзіла беларускамоўныя мультфільмы – і старыя, і новыя. А Віні-Пуха ды іншую савецкую класіку Захар часам глядзіць у бабуль.

 Калі Захар пачаў гаварыць, ці вялі вы дзённік ягоных перлаў?

– Ну, канешне, вялі. З годзіка-паўтара, калі ён ужо спрабаваў нешта агучыць, ён заўжды гаварыў толькі беларускія словы, але разумела яго толькі я.

Таму часта, калі наш карапуз не мог вымавіць тое ці іншае слова, атрымліваліся сапраўдныя перлы. Напрыклад, аднаго разу пабачыў Захар бутэрброд у маіх руках і кажа мне: “Мама, я таксама хачу цудабродзік!”


Наш карапуз даўно ведае, хто такі Лявон Вольскі. Улюбёныя хіты – “Турысты” і “Госці”, з апошняга – “Свабоду не спыніць” і “Чужы”.


Нядаўна зноў уключылі падборку.

Тата пытаецца ў карапуза: “Хто гэта спявае, Захар?” І тут на твары дзіцёнка такое напружанне думкі, потым ён пачынае спрабаваць скамбінаванаваць склады і так, і сяк, бачна, што памятае, але заблытаўся. Нарэшце выдаў: “Гэта Лявон Валёнскі!!!”

Источник фото: архив героини

 

 Ці выпраўляеце вы Захара, калі ён у беларускай мове ўжывае іншыя словы?

– Мы спрабуем не рабіць канфрантацыі паміж мовамі, бо родных не перайначыш. Але дома мы кажам Захарчыку: “Давай размаўляць па-беларуску”.

Але вось нядаўна бабуля сказала на вуліцы, што гэта “памятнік”. І я яму шторазу цярпліва тлумачу, што “памятнік” – гэта па-руску, а па-беларуску – “помнік”. А часам бабулі з дзядулем ламаюць галаву, што такое трускалкі або лятак.

Пакуль мы не сталі хадзіць у садок (дарэчы, беларускамоўны), Захар размаўляў практычна цалкам па-беларуску, а цяпер часцей выкарыстоўвае рускія словы і сказы. Толькі па-ўкраінску яму яшчэ не стае слоўнікавага запасу, бо тату ён бачыць адносна мала.

 Раскажыце, ці займаліся вы раннім развіццём Захара?

– Наша грамадства, па-мойму, ужо ашалела ад ранняга развіцця. Нам у 8 месяцаў патэлефанавалі з гімназіі і спыталі, ці ходзіць Захар на развівальныя заняткі. Мы адказалі: “Ведаеце, ён яшчэ па кватэры не ходзіць, не тое што на развівальныя заняткі”.

Мы шмат што робім самі дома. Усе цацкі падбіралі з сэнсам.

У нас няма таннага пластыку, які назаўтра ламаецца, нават некалькі канфліктаў з роднымі было, каб больш не дарылі такіх цацак. Муж у мяне эколаг, і наогул мы “зялёныя”. Некаторыя цацкі мы самі рабілі з дрэва ды іншых натуральных матэрыялаў.

Спрабавалі хадзіць на ранні футбол, бо мяч – гэта наша ўсё. Першы занятак яму спадабаўся, аднак потым больш не захацеў хадзіць, бо ён яшчэ маленькі і не гатовы да рэгулярных заняткаў, хоць здольнасці ёсць.

Мы вырашылі з Любамірам, што грошы варта ўкладаць у ангельскую мову і фізічнае развіццё дзіцяці.

 

Источник фото: архив героини

 А на месца ў беларускамоўным садку таксама давялося паляваць?

– Так, мы напачатку сталі на чаргу па месцы жыхарства, а потым пачалі цікавіцца, дзе ў нас ёсць беларускамоўныя групы. Нам выдалі спіс з 6 садкоў на ўвесь Мінск: два з іх былі цалкам беларускамоўныя, а ў чатырох меліся беларускамоўныя групы.


Спыніліся мы на 314 садку, што на Багдановіча, куды хадзіла дачка Лявона Вольскага ды іншых знакамітых людзей з беларускамоўнага кола.


Я мела шчыры спадзеў, што тут будуць апошнія энтузіясты беларускай мовы.

Насамрэч, усё не так. Выхавацелі па прыродзе сваёй рускамоўныя людзі і толькі на працы пераходзяць на беларускую мову. І таму нават слоўнікавы запас у іх класічна літаратурны, бо калі ты не гутарыш штодзень, у цябе няма побытавых ведаў, што патэльня – гэта патэльня, а рондаль – гэта рондаль. Нянечка ўвогуле слаба размаўляе па-беларуску.

Ды яшчэ дзеці змешаныя. Некаторых прывялі бацькі, каб яны чулі дзесьці беларускую мову, бо яны самі не гавораць, але хочуць, каб дзіця ведала дзве мовы. А дзеткі рускамоўныя, таму ў нас пасля садка пайшла мешаніна з рускай мовай.

Але ёсць і дзеткі з сямей, у якіх пакаленнямі заўжды гутарылі па-беларуску, і там дзеткі вельмі файна размаўляюць.

Разам з тым, садок нам даў хутчэй негатыўны ўплыў на мову, чым пазітыўны. Але, каб сын пайшоў у цалкам рускамоўную групу, было б яшчэ горш.

Я спрабавала знайсці аднадумцаў сярод бацькоў з садку, каб папрасіць выхавацеляў не пераходзіць на рускую мову ў размовах між сабой, аднак усе бацькі талерантныя, баяцца нечым пакрыўдзіць ці папракнуць выхавацеляў, каб потым дзіця не зазнала негатыўнага стаўлення ў садку.

 

Источник фото: архив героини

 То цяпер якія суадносіны моваў у маўленьні Захара?

– Ну, украінскай болей за 10% не наскрабецца, бо замала практыкі. Беларуская мова займае адсоткаў 60-70, дзесьці так. Ну а 20-30% прыходзіцца на рускую мову.

 А як вы ствараеце беларускамоўнае акружэнне вакол дзіцяці? Ці даводзіцца штучна абіраць толькі беларускамоўныя імпрэзы?

– Так,  даводзіцца адмыслова шукаць мерапрыемствы, дзе будзе гучаць беларуская мова. Дзіця маленькае, сяброў пакуль яшчэ няма.

Я спадзявалася, што мы ў садочку з кімсьці пасябруем і будзем разам камунікаваць.

Але дагэтуль, колькі мы ні гулялі ў парку Горкага (мы побач жывём), за тры гады сустрэлі там толькі адну беларускамоўную маму з дзецьмі – Вольгу Корсак, якая выкладае ў студыі танцаў па-беларуску. Але ў яе дзеці старэйшыя.

— А як ставяцца да вас у грамадскіх месцах, калі чуюць малое дзіця, што размаўляе з мамай на матчынай мове?

Ой, за гэты час я наслухалася рознага.


Зайшлі мы ў банк, я Захару нешта тлумачыла па-беларуску. Побач сядзела сярэднестатыстычная жанчына, пачула нас і так здзівілася: “І што, ён вас разумее?” А я: “Ну як вы думаеце, калі дзіця чуе беларускую мову з нараджэння? Хіба кітайцы сваіх бацькоў не разумеюць?”


Потым чула каментары за спінай: “Ой, глядзі! Як прыкольна! Мама з дзіцём па-беларуску размаўляе!”

Апошні выпадак “забіў” маральна мяне і мужа.

Падчас капрэмонту зайшла да нас адна жанчына, пачула Захарку і кажа: “А што, гэта ён у вас па-беларуску размаўляе? А хто гэта ў вас беларус?”

Паколькі ў нашай сям’і ёсць моцны ўкраінскі складнік, то пытанне роднай мовы не стаіць, як і ў Заходняй Украіне. Муж мяне натхняе і падтрымлівае ў маёй беларускасці.

Напрыклад, калі мы ездзім ў госці ва Украіну, там ніхто не можа зразумець, чаму беларусы не гутараць па-беларуску. І становіцца сорамна, як гэта ты ў сваёй краіне гутарыш на іншай мове.

Калі задумацца, 63% беларусаў ніколі не выязджалі за яе межы, не могуць паглядзець на сябе збоку і ўсвядоміць увесь абсурд нашай сітуацыі.

 

Источник фото: архив героини

 Сумна, канешне. А вось што вы зробіце, калі падрасце Захарка, прыйдзе са школы і скажа: “Мам, пап, говорите по-человечески!” альбо адмовіцца мыць посуд, пакуль не папросіш па-руску?

– Ох, я гэтага дужа баюся. Даўно пра гэта думаю і чытала артыкул пра маму, у якой акурат была такая сітуацыя.

Я, насамрэч, яшчэ не прыдумала, што тут рабіць. Я збіраюся ўжо цяпер, як толькі дзіця зможа ўсвядоміць, патлумачыць, што двухмоўе – гэта нармальна, дзве мовы раўнапраўныя.

Мне здаецца, што галоўнае – паспрабаваць закласці нейкі стрыжань, а калі ён потым зламаецца аб грамадства, то мы ўжо нічога не зможам зрабіць.


Наша задача – фундамент. Калі ён потым вырасце і вырашыць размаўляць па-руску, я не змагу яго прымусіць. Прынамсі, усё што мы зможам, мы пастараемся забяспечыць.


І школу беларускую шукаем, каб была менш паказальная.

–  Да якой школы схіляецеся?

– Раней я чула толькі пра 23 гімназію, але шмат чытала водгукаў, што гэта больш шыльда, чым насамрэч. Нядаўна я пачула пра 14 гімназію, якая знаходзіцца ў раёне метро “Партызанская”, што настаўнікі там выдатныя і дзеці добра размаўляюць па-беларуску. Будзем цікавіцца, як туды патрапіць.

– Але пакуль вы будзеце патрабаваць, каб Захар з вамі гутарыў па-беларуску, а з Любамірам – па-ўкраінску?

– На ўкраінскай мове мы не будзем настойваць, бо, каб размаўляць, яе ўсё ж трэба вучыць. А на беларускай – так. Прынамсі, дома.

Бо дом – гэта мікрасоцыум, у якім могуць быць свае правілы.

Бо мая стрыечная сястра з сям’ёй пераехалі ў Канаду, калі ёй было шэсць. І тады яна была амаль перайшла на ангельскую мову, але бацькі настаялі на тым, каб дома ўсе размаўлялі па-руску. І цяпер яна шалёна ўдзячная, што бацькі калісьці не далі ёй загубіць родную мову. Бо мова – гэта рэсурс, а ў Канадзе руская мова – гэта ўнікальны рэсурс. Цяпер гэта ёй дапамагае ў даследаваннях.

 

Источник фото: архив героини

 А раскажыце крыху пра свайго сына. Які ён у вас расце?

– Ён у нас разбойнік (смяецца) і дужа камунікабельны. Калі мы ўпершыню паехалі на радзіму мужа (яму было тады год і тры месяцы), мы дужа хваляваліся, як што будзе. Падчас дарогі ў цягніку дзіця пазнаёмілася з усім вагонам.

– Калі ён звяртаецца да іншых людзей па-беларуску, а яго не разумеюць, ён перакладае?

– Не, ён працягвае паўтараць па-беларуску. Пакуль што не збіваецца.

Источник фото: архив героини

– А якія кніжкі любіць Захар?

– У нас быў залёт на “Нататкі таткі” – мы вывучылі ўсе вершы напамяць. Быў перыяд калабка, рэпкі. Ёсць у нас любімая ўкраінская кніжка пра слоніка Дзвоніка.

Мы купілі багата дзіцячай літаратуры, калі былі ў Львове, бо ў іх ёсць шмат творчых выдавецтваў з шыкоўнымі выданнямі. Таму пры адсутнасці беларускай версіі сусветнай літаратуры мы хутчэй выберам нешта па-ўкраінску, а не па-руску.

– А што б вы хацелі парэкамендаваць бацькам, якія таксама падумваюць пра гадаванне дзіця-білінгва?

– Хіба што стойкасці, таму што існуе мільён перашкодаў, каб нашы дзеці раслі беларускамоўнымі. На жаль, усё супраць нас. І адзінкавыя беларускамоўныя ініцыятывы як зорачкі на небе.

Тут проста трэба цвёрда выбраць лінію і не адступаць ад яе. Гэта цяжка, гэта пастаяннае супраціўленне родным.

Але даследчыкі лічаць, што мозг дзіцяці лепш развіваецца, калі дзіця валодае некалькімі мовамі.

І гэта адзіны аргумент, які дапамог нам у свой час упэўніць бабуль у мэтазгоднасці нашага ўнутрысямейнага беларуска-ўкраінскага білінгвізму.

Гутарыла Паліна Маслянкова

Чакаем цікавыя гісторыі вашага бацькоўства на адрас myhistory@rebenok.by