Іван Ясюк, выкладчык беларускай мовы рэпетытарскага цэнтра «100 балаў», вырашыў здаць ЦТ. Расказваем, навошта і што з гэтага выйшла.
Навошта мне гэта трэба?
Першы раз прыйшлося здаваць ЦТ адразу пасля заканчэння школы. Зусім не памятаю, як гэта было. Памятаю чаргу на запіс у лінгвістычным, памятаю калідоры. Памятаю, што прыйшоў на тэставанне “пры парадзе”. Памятаю, што вельмі хутка напісаў, але доўга сядзеў, бо здавалася, што як жа можна пайсці, калі народ яшчэ сядзіць і ўдумліва піша. Памятаю, што пісаў першы варыянт. На гэтым усё. Ці было страшна, ці дрыжэлі рукі? Не магу сказаць.
Затое сёння Іван прызнаецца: рукі дрыжаць, пісаць страшна, нават не пісаць, а запаўняць бланк. Але па якiх прычынах настаўнік пагадзіўся добраахвотна і без асаблівай патрэбы праэкзаменаваць сябе?
Сёлета захацелася паглядзець на ЦТ вачамі абітурыента, перажыць гэта яшчэ раз самому, паглядзець на заданні “сярод першых”, а не ў фармаце кніжкі з адказамі. Цікавы вопыт, а галоўнае – карысны. Ды і, расказваючы вучням пра тэставанне, важна паказаць і ўласны вопыт (сертыфікаты будуць праз колькі тыдняў, спадзяюся, уласны вопыт акажацца паспяховым), каб не толькі дадаткова зматываваць, але і натхніць іх. Бо, сапраўды, як на мой погляд (тут спадарства можа не падзяляць мой пункт погляду), беларускую мову здаць прасцей, таму што няма шалёнай колькасці “выключэнняў з выключэнняў”. Усё лагічна, калі ведаць, пра што ідзе гаворка ў заданні.
Уважліва чытайце заданнi! Да гэтага настаўнік заклікае з усёй сур’ёзнасцю. Бо, здаецца, такая дробязь, а можа каштаваць некалькіх балаў.
Дзень iкс
Запісацца на тэставанне было проста, дзякуй арганізатарам, на гэта даецца шмат часу. Абітурыенты, відаць, запісваюцца хутка, ім не трэба на раскачку шмат часу, а мне вось усё трэба рабіць у апошні момант. Запісалі.
Наступнае – дзень ЦТ. Іван распавядае, што спісы віселі на дзвярах галоўнага корпуса, аналагiчныя, відаць, былі ў інтэрнэце, таму нiякiх цяжкасцяў даведацца, куды яму ісці, не ўзнікла.
Мне выпаў фізічны факультэт, 220 аўдыторыя. Трапляліся на ўваходзе і такія, хто ў спісах, дзе пазначаны факультэт, бачылі толькі нумар аўдыторыі, таму аўдыторыю геафака ці галоўнага корпуса шукалі ў нас жа на фізічным. Былі і такія, хто не ведаў, як трапіць на тэрыторыю БДУ: уваход быў з унутранага дворыка – з боку юрыдычнага ці Бабруйскай. Ідучы па праспекце, чуў, як нейкая дзяўчына сварылася з кімсьці па тэлефоне, апавядаючы, як яна пяты раз ходзіць па коле вакол БДУ і не ведае, як трапіць.
Разам з абітурыентамі збіралася і «група падтрымкі» — бацькі. І было відаць, што яны хвалююцца ня менш, чым самі дзеці. Ох, а наперадзе яшчэ падача дакументаў і не адзін іспыт. Што яшчэ будзе!
Пры ўваходзе на факультэт і ў аўдыторыю абітурыентаў сустракалі супрацоўнікі каманды ЦТ, нагадвалі пра тое, што можна пранесці, чаго нельга. Ваду можна браць у бутэльках, але каб без этыкеткі.
Іван кажа, што з вадою былі і не вельмі прыемныя моманты. Бутэлькі прымушалі адстаўляць на падваконне або на сталы, якія знаходзіліся каля наглядальнікаў. То-бок, каб папіць, неабходна было ўстаць, пайсці і вярнуцца на месца. А гэта каштоўны час.
Зразумела, прасілі прыбраць ваду са стала, каб выпадкова не заліць бланк, але ж… Ці мо гэта я прыдзіраюся.
Назіральнікі шмат разоў паўтаралі адно і тое ж: неабходна здаць у гардэроб абсалютна ўсе тэлефоны, плэеры і г.д. Але ж перад самым пачаткам знайшліся тыя, у якіх нешта пілікала і званіла.
Іван сумленна здаў усе гаджэты і ўвайшоў у аўдыторыю спакойны як удаў. Настаўнік усё ж такі, не першы год сам вучыць, чаго баяцца. Аднак.
Пра настаўніцкi страх
Чалавек – істота такая… з выкрутасамі. I вось не ведаю чаму, але на тэсце стала страшна. Здавалася б, разумееш, што, па сутнасці, ад таго, напішу я нармальна ці завалю, маё жыццё асабліва не зменіцца, мне ж не паступаць ці яшчэ што. Таму хвалявацца няма чаго. Але ж якое там! Перад іспытам закупіўся трыма чорнымі гелевымі асадкамі, а ці ж мала якая пісаць не будзе, а тут вось выбар, ажно тры.
Першае і самае страшнае: ад хвалявання не мог зняць каўпачок з ручкі. Проста не мог. Думаю, во пазорышча: не напісаў тэст таму, што не змог зняць каўпачок. Жарты жартамі, але сапраўды ў гэты момант сэрца ледзь не спынілася. Хаця, здавалася б, найдрабнейшая дробязь.
І гэты страх засеў у настаўнiцкай галаве і не дазваляў сабрацца. Прайшла ўся ўпэўненасць у сабе. Іван расказвае, што некалькі разоў правяраў, цi правільна ён напісаў сваё прозвiшча. Акрамя таго, неабходна было напісаць код прадмета, аўдыторыю, скарочаную назву прадмета.
Я пяць хвілін выводзіў “БЕЛ”, сто разоў глядзеў на дошку, ці правільна я напісаў тое “БЕЛ”. Маразм. Страх выключыў мозг абсалютна.
Нагадаем, што жыццё настаўніка не залежала ад гэтага тэста. Што ж тварылася ў галовах абітурыентаў, страшна нават уявіць.
Але ж як толькі раздалі тэсты, усё хваляванне прапала. На занятках па мове я вучыў дзяцей так, як некалі вучыла мая настаўніца хіміі ў школе: яна пастаянна прагаворвала ўсе рэакцыі ўслых. Зразумела, мова не хімія, але было цікава, ці дапаможа гэта запомніць дзецям матэрыял. Прымушаў чытаць услых правілы, пастаянна звяртацца да асобных пунктаў пры любых памылках. Паступова ў дзяцей выпрацаваўся гэты “рэфлекс правіла”. І ведаеце, гэта не механічнае завучванне, каб ведалі, але сапраўды яно дапамагала па выніку разабрацца ў тым, як функцыянуе дадзенае правіла, якая яго логіка.
Але ж і без памылак не абышлося. Як кажуць, гора ад розуму: памятаеш правіла, ведаеш адказ, але не дачытваеш заданне. І ў выніку памылка. А што ў заданні было? Выбраць правільна напісанае слова ці слова, у якім дапушчана памылка? Таму, паўтараемся — уважліва чытайце заданні.
У першым маім ЦТ, здаецца, я пераправяраў адказы сто разоў, бо быў няўпэўнены ў сабе, у сваіх ведах. І таму, відаць, наляпаў шмат памылак. Дарэчы, багата хто кажа, што часам пры пераправерцы выпраўляюць правільнае на няправільнае. І ўсё. Таму гэтым разам я пастараўся зрабіць заданні на чарнавіку, а пасля адразу перанесці ўсё ў бланк, не пераправяраючы сто разоў. Тут, да слова, бланк было запаўняць ужо прасцей. Рукі дрыжалі меней, мозг нарэшце працаваў як мае быць. Нават частку Б, дзе трэба пісаць словы, запоўніў лёгка.
А ўвогуле, як расказаў Іван, тэст аказаўся не складаны. Таму дарэмна прыйшлося хвалявацца і ваяваць з каўпачком ад ручкі.
Асноўнае, што магу сказаць: народ, пастарайцеся супакоіцца, у вас дастаткова часу, каб добра падумаць і не наляпаць памылак, а таксама, каб уважліва перанесці адказы ў бланк.
Раскажыце, а як вы здавалi экзамены?