Сення хіба што мёртвы не гаворыць пра заняпад настаўніцкай прафесіі, але неймаверна шчаслівы той, каму па жыцці выпала на долю сустрэцца з чалавекам, якога можна назваць Настаўнікам. Ёсць нешта інтымнае, святое ў гэтым слове (як у словах сям’я, дзеці, радзіма), таму ўжываць яго варта вельмі асцярожна, каб не парушыць той празрыста-ўяўнай, не кожнаму бачнай, трапяткой повязі Настаўніка і Вучня
З людзьмі, якія воляй лёсу ці абставін змушаны дзяліцца з намі набытымі ведамі, мы сустракаемся часта
Гэта выкладчыкі. Яны розныя. “Спецы” і “навічкі” , добрыя і злыя, спагадлівыя і нецярплівыя да дзіцячай сарамлівасці ці непаразумення. Адны адчуваюць сябе пакліканымі, разумеюць важнасць ускладзенай на іх місіі. Іншыя – выпадкоўцы, якія з нецярпеннем чакаюць, калі ж закончацца два гады размеркавання ці праз усё жыццё наракаюць на нешчаслівы лёс.
“Хіміцу”, “матэматычку”, “гістарыцу” мы з аднакласнікамі год ад года ўспамінаем, сустракаючыся ў верасні на “вучнёўскую” каву. З усмешкай згадваем, як паважна ставіліся да выкладчыцы біялогіі Людмілы Сямёнаўны, заслужанага педагога Рэспубілікі Беларусь, за вочы называючы яе не “біалагіцай”, а “біялагіняй”. Згадваем асобы, некалі страшныя і ўсемагутныя, з поспехам забыўшыся амаль на ўсё, што яны з такім імпэтам імкнуліся нам давесці.
Зусім іншае Настаўнік
Яго роля не абмяжоўваецца заданнем перадаць найбольш поўны аб’ём ведаў за найкарацейшы час. З Настаўнікам можна абмяркоўваць не толькі пытанні беларускай мовы ці літаратуры, да яго можна прыйсці са сваімі радасцямі і праблемамі, з непарушнай ўпэўненасцю, што вось Ён абавязкова зразумее…
На маім шляху была другая мама – Лілія Анатольеўна, да якой сямігадовай дзяўчынкай прыбягала пад стол, каб маці не забрала дадому.
Была Ала Грыгор’еўна, з якой разам “пасвячаліся” ў гімназісты, дарылі падарункі кожнаму на дзень нараджэння ад нас, ад 5 “Г.” І быў зімовы Траецкі ЗАГС, дзе “шчанюкі” 5 “Г” віншавалі свайго любага класнага кіраўніка з Днём шлюбу.
У 5 класе мы праводзілі ў дэкрэт нашу першую выкладчыцу па роднай мове і літаратуры. Час згубіў яе імя, але ейнае прывітанне “Добры дзень, шаноўныя спадары і спадарыні” да нас, малых, зусім нязначных вучняў, здзівіла так, што на ўрок беларускай мовы мы ляцелі, як на крылах. Як прыемна было пачуць: “Спадарыня Людміла, раскажыце нам, калі ласка, якое было дамашняе заданне?”! І ты, заліўшыся барвай ( я – і спадарыня!), падымаешся з-за парты.
Пазней у маё жыццё прыйшла Любоў Уладзіміраўна, з якой разам “ляцелі да зор” рэспубліканскіх алімпіяд і падалі долу. У той час цытаты з класікаў займалі выключнае месца на маім люстэрку, тым не менш выступленне звычайна было бясколерным і штучным. Але гэты досвед прывеў мяне на факультэт, дзе я ўжо вучылася ў тых, хто калісьці слухаў мае бясколерныя выступы.
У сценах alma mater роднае мовы я мела магчымасць з іншага боку паглядзець на выкладчыка
І сярод іх былі Настаўнікі. Хай не мне адрасавалі яны свае веды (не прадметныя, але жыццёвыя), ужо адно іх знаходжанне ў аўдыторыі ператваралася ў пазнавальнае і спатольнае падарожжа.
Гульня “Філалогія і я” , “Лісты з-пад коўдры” Галубовіча, імёны Гумбальта, Выгоцкга і інш.– гэта дасюль пласты маёй свядомасці (хай і пакрытыя пылам двух дэкрэтаў), якія неяк незаўважна сфарміраваліся пад уплывам выкладчыкаў факультэта.
Гэтыя людзі не толькі сталі выкладчыкамі, навукоўцамі, яны здолелі стаць Настаўнікамі. Ці, можа, імі нарадзіліся.
Сярод іх мая любая і шаноўная Галіна Кузьмінічна — той чалавек, які не толькі даў веды, але і пазнаеміў са светам беларускай навукі. Пачуваеш сябе сапраўдным першадкрывальнікам і супернавукоўцам, калі гартаеш рукапісныя фаліянты трохсотгадовага ўзросту. І хаця зараз я больш мама, чым даследчык, я вельмі радая, што гэты перыяд уласнага станаўлення быў у маім жыцці. І здарыўся ен дзякуючы шаноўнай ГК — больш, чым проста выкладчыцы гісторыі беларускай мовы, з якой разбіраеш склад слова і канвергенна-дывергентныя працэсы старабеларускай пісьменнасці.
Бо з Настаўнікам Вучань не толькі расстаўляе знакі прыпынку ў сказе
Але й разам яны спрабуюць па палічках раскласці адказы на адвечныя пытанні. Настаўнік вучыць (ці можна ўвогуле чаму-небудзь навучыць?), не, уласным жыццём паказвае, як можна пачувацца ў свеце, як можна вырашаць на першы погляд невырашальныя сітуацыі, і часта дае яшчэ адзін адказ на адвечнае пытанне “Для чаго гэта ўсё?”.
Разам з тым Настаўнік бярэ на сябе цяжар адказнасці за дзіця, бо, змяняючы ягоныя думкі, ён змяняе ягоны лёс. Калі ўваходзіш у клас, дзе табе давядзецца вучыць ( навучаць? Мучыць? Развіваць? Разнімаць? Выхоўваць?) дзяцей (хай сабе гэта толькі каліва тыдняў педпрактыкі) ці спрабуеш адказаць сваей дачцэ на пытанне “ Почему я должна “пасылаць па доктара”, “есці клубніцы”, “мы[с’]ліць і не [c]хіляцца?”, узгадваеш Настаўніка.
Ён працягвае жыць, нават калі яго няма побач
І часта адбываецца так, што аднойчы ты з гонарам і смуткам заўважаеш, што ўжываеш ягоныя любімыя словы, ягоныя “штучкі”: “то бок”, “не ведаеш – у цябе ёсць слоўнік” , «шчыры тлусты дзякуй», “можаш не адказаць, але ведай, дзе шукаць”, “ вучыцеся любіць, дараваць і прасіць прабачэння”, “scio me nihil scire”.
Можна зацікавіць, спрычыніцца да нараджэння ў Вучня жадання вучыцца, спасцігаць, пазнаваць і таму пастаянна развівацца, толькі калі сам жывеш тым, што выкладаеш. І толькі тады магчыма нараджэнне Вучня — таго, хто мае жаданне і шукае магчымасцяў спасцігаць свет самастойна. І аднолькава важна, будзе гэта 2х2-4=? ці канвергентна-дывергентныя моўныя сувязі…
З павагай да ўсіх, хто абраў шлях Настаўніка,
Людміла Навіцкая
.jpg)



