Вам даводзілася чуць, што шматдзетныя нараджаюць дзяцей толькі дзеля кватэры? А што можаце сказаць пра гэта вы? Сваімі думкамі на конт шматдзетнасці і любові з чытачамі Ребенок BY падзялілася вядомая беларуская актрыса, мама пакуль яшчэ чатырох дзяцей, Ганна Харланчук.
*****
Я ніколі не выкладвала свае асабістыя думкі ў інтэрнеце, але сённяшняе здарэнне вымушае мяне гэта зрабіць. У акцёраў гэта называецца «не магу маўчаць».
Зранку зайшла ў бібліятэку, каб узяць дзецям кнігі. У ёй я ўпершыню, таму запісваюся. Бібліятэкарка запытвае, колькі дзіцёнку год. Па майму адказу разумее, што не дзіцёнку, а дзецям, і іх чацвёра. Тады, зірнуўшы на мой жывот, запытвае:
-Гэта што, пяты?
-Так.
-Гэта з-за кватэры?
-Што?!
Кожны раз, калі я чую гэтае пытанне, я хачу верыць, што мне падалося, што я нешта не так зразумела. Але, на жаль, не падалося. Пытанне было: «Гэта з-за кватэры?» Я проста слупянею і нічога не магу сказаць. Але выраз майго твару адназначна змяняецца, і жанчына, апраўдваючыся, кажа:
-Многія так робяць.
-Жах, — гэта ўсё, што я змагла ёй адказаць, і хутчэй сышла, бо думала, што ўзарвуся.
Адтуль я паехала забіраць дзяўчынак з музычнай школы, сустракаць з імі Піліпа, каб яго адвесці на англійскую мову. А ён прывёў мне Аліву. Яна яшчэ замалая, каб заставацца дома адна, таму ўсіх астатніх дзяцей развозіць па занятках разам са мной.
Увесь час у галаве стаяла пытанне «Гэта з-за кватэры?» І я падумала, а што, калі б зараз камусьці з маіх дзяцей, а лепш усім адразу сказаць, што яны дарагія нам толькі таму, што з-за іх нам далі большую кватэру? Мы ж ужо пяць год усе жывём у двухпакаеўцы. Яны павінны зразумець.
Чаму не? Давайце скажам ім, тым, для каго мы, бацькі, самыя важныя і неабходныя, ад якіх яны чакаюць моцнай рукі, якая прывядзе іх у дарослае жыцьце, і вялікага шчырага сэрца, у якім ёсць патрэба іх любіць, пакрываць і прабачаць ім іх памылкі, давайце скажам нашым дзецям, што прыход іх на гэтую Зямлю не дзеля іх вялікага паклікання, а дзеля 20 кв.м.
Ім гэтыя лічбы не зразумелыя, яны нават усміхнуцца. Таму скажам прасцей, маўляў, вы несвоечасовыя, непатрэбныя, проста лішнія… Давайце?!
Я ехала і задавала сабе сотні пытанняў. Калі наша грамадства паспела стаць такім, дзе дзеці як жахлівы цяжар, а жыцьце стала смеццем? Грамадствам, дзе на цяжарную жанчыну з чатырма дзецьмі ўвесь час азіраюцца і спачувальна ўздыхаюць? Як жа так? У якім стане мы знаходзімся, што многія сем`і нараджаюць дзяцей, каб палепшыць свой жыллёвы камфорт? А тыя, хто не нараджае і не марыць пра вялікую сям`ю, думаюць так пра шматдзетныя сем`і, што намі кіруе не любоў да дзяцей, а толькі жаданне жыць ў новай вялікай кватэры.
Жыццё перастала быць для нас каштоўнасцю. Дзеці абцяжарваюць настолькі, што бацькі не дачакаюцца, калі скончацца выходныя, каб зноўку адправіць гэтых монстраў у садок, школу ці яшчэ кудысьці.
Я чую: «Які жах! Ты выхоўваеш іх дома. Я думала, табе стане лягчэй з пачаткам навучальнага года». Я зноў слупянею ад гэтых фраз, хаця маглаб ужо да іх прызвычаіцца. Але ж так не хочацца…
Ужо позна, і думкі блытаюцца. Таму лепш я пайду спаць. Мне трэба ўзнавіць сілы, каб заўтра рана прачнуцца і любіць, абдымаць, адказваць на неверагодную колькасьць пытанняў, выхоўваць, навучаць, сядзець разам гадзінамі за падручнікамі, за фано, разбірацца ў нотах, гатаваць, усміхацца, сумаваць, хвалявацца, памыляцца РАЗАМ, а ў адказ пастаянна чуць «я так моцна цябе люблю!”.
Каб уначы зноў падаць без сіл, чарговы раз спазнаўшы, што быць бацькамі — гэта вялікая адказнасць. Што дзеці — гэта дар Нябёсаў. Што яны вялікая каштоўнасць для Бога, а значыць і для мяне. І што сёння гэта складаная праца, але ад яе будзе залежыць, кім стануць мае дзеці заўтра: ці змогуць яны стаць людзьмі, якія будуць сціраць са свядомасьці нашага грамадства сумнае, адмоўнае ўяўленне пра шматдзетныя сем`і.
Ніколі раней мне не хацелася выказвацца на гэты конт ці хваліцца сваей сям`ёй. Хіба што журналісты ў інтэрв’ю заўсёды спытаюць пра дзяцей ды выхаванне. Але сёння мне хочацца пра гэта крычаць! Развесіць па ўсім горадзе борды і рэкламу са шчаслівымі шматдзетнымі сем`ямі з надпісам «Шчасце, а не 20 кв.м». Менавіта шчаслівыми, бо я такіх ведаю не мала.
Ганна Харланчук
Паважаныя чытачы! А што думаеце вы? Навошта нараджаць шмат дзяцей? Хто яны для вас? Чакаем вашы каментарыi!

